Гісторыя парафіі

СВЯТЫЯ МІСІІ - РЭНТГЕН    НАШАЙ ВЕРЫ…

З 18 па 25 кастрычніка 2020 г. адбыліся першыя Святыя Місіі ў катэдральнай парафіі Віцебска

Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава

Віцебская катэдральная парафія Езуса Міласэрнага адзначыла сваё 20-годдзе Кастрычнік 2020 г.

Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава

22 кастрычніка 2000 г. была адпраўлена першая св. Імша для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага ў касцёле св. Барбары (катэдральным на той момант). Прысутнічала 56 чалавек.

16 лістапада 2000 г. парафія Езуса Міласэрнага атрымала дазвол на пабудову часовай капліцы.

Вельмі добра пра гэты час у жыцці парафіі распавядае Францішак Дубраўскі (часопіс “Ave Maria”, №4/2002):

“Пасля асвячэння месца пабудовы распачалася праца. Гэта быў нялёгкі час, але і парафіяне, і кс. Адам Сікорскі, і дыякан Аляксандр Рагіня, і сёстры Нікола, Дамарыс і Люцына з гонарам пераадолелі цяжкасці, звязаныя з будаўніцтвам. І ўжо 3 снежня, у першую нядзелю Адвэнту, адбылася Імша ў новай капліцы — за сталом замест алтара, на настылым, адно сагрэтым усхваляваным дыханнем парафіянаў, паветры. Гэты дзень першай супольнай малітвы і размовы з Богам добра запомніўся дарослым і дзецям, стаў найважнейшым момантам парафіяльнага жыцця”.

Капліца

25 снежня 2000 г. капліцу асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін.

3 сакавіка 2001 г. першым пробашчам парафіі стаў кс. Дарыюш Кубіца, SDS.

30 чэрвеня 2001 г. у парафіі адбылася першая біскупская візітацыя.

18 лістапада 2001 г. парафіяне развіталіся з а. Дарыюшам і прывіталі новага пробашча — а. Тадэвуша Дабравольскага, які да гэтага працаваў у Іркуцку і Браславе (ён таксама належаў да кангрэгацыі сальватарыянаў).

Кансэкрацыя касцёла, перанясенне катэдры

12 верасня 2004 г. кс. біскуп ардынарый асвяціў пляцоўку, а ў сярэдзіне кастрычніка 2004 г. гарадскія ўлады далі канчатковы дазвол на будаўніцтва новай святыні.

Кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага адбылася 10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі. Літургію, падчас якой адбывалася асвячэнне, узначальваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

18 чэрвеня 2011 г. катэдра з касцёла св. Барбары была перанесена ў наш касцёл. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Папы Бенедыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.


Абрад кансэкрацыі біскупа Алега Буткевіча

Важнай датай для нашага касцёла з’яўляецца дзень 18 студзеня 2014 г. — калі катэдра атрымала свайго біскупа. 29 лістапада 2013 г. Папа Рымскі Францыск прызначыў кс. Алега Буткевіча новым біскупам Віцебскім. Абрад кансэкрацыі 18 студзеня правёў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці, асістэнтамі выступілі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасці было шмат вернікаў і святароў з іншых дыяцэзій, прысутнічалі прадстаўнікі свецкіх уладаў, праваслаўнай царквы, журналісты.